УЛІКО́ВАЯ СТА́ЎКА,

працэнтная стаўка для разліку ўліковага працэнта. Уяўляе сабой плату, што бяруць банкі (у асн. камерцыйныя) за авансаванне грошай у выглядзе куплі аблігацый, вэксаляў, каштоўных папер і інш. пазыковых абавязацельстваў да надыходу тэрмінаў іх аплаты. Камерцыйныя банкі, якія ажыццяўляюць аперацыі з камерцыйнымі вэксалямі прамысл. і гандл. фірм, адначасова ўжываюць некалькі У.с., якія адрозніваюцца ў Залежнасці ад тэрміну, што застаецца да аплаты абавязацельстваў і ступені надзейнасці, забяспечанасці ўліковых вэксаляў. Велічыня прыватнай У.с. мяняецца ў залежнасці ад ліквіднасці банка і агульнага стану ўліковага рынку. Афіцыйная У.с. выкарыстоўваецца цэнтр. банкам у аперацыях з камерцыйнымі банкамі і інш. крэдытна-фінансавымі ін-тамі па ўліку кароткатэрміновых дзярж. абавязацельстваў і перадыскантаванні камерцыйных вэксаляў. Прыватная У.с. звычайна вышэйшая за афіцыйную.

т. 16, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)